А я думаў...

Янка Купала

А я думаў — сонца да нас не загляне...
Гора хадзіла ад хаты да хаты,
Пела жалейка бяду на кургане,
Сонца сляпілі цары, цараняты.
 
Рэдкае град вымалачваў калоссе,
Слёзы, нядоля — на печы, у сенях.
Густа жабрацтва па сёлах паслося,
Плесня, сухоты цвілі ў сутарэннях.
 
Помню я гэтыя жудкія часы,
Помняць Расіі народы,
Помняць бацькі і дзяды па калгасах,
Помняць бацькі і дзяды па заводах.
 
І я памыліўся. Бясстрашных не ўстрашы
Трон златаверхі, сатрапаў малітвы.
Голасна коні заржалі на пашы,
Гвардыі смелых памчалі на бітвы.
 
Біліся доўга. У славе палеглі
Тысячы, можа, а можа, і болей.
Войскі варожыя з бойкі пабеглі,
Густа крывёю зліваючы поле.
 
Ворага выгналі, волю здабылі,
Ў гразь патапталі кароны і троны.
Весела трубы ў Крамлі затрубілі,
Сцягі ўзвіліся, як макі, чырвона...
 
Горад шчаслівы, шчаслівыя сёлы,
Льюцца крыніцы з вясновых праталін.
Шчыра, ад сэрца, з усмешкай вясёлай
Волю і шчасце гадуе нам Сталін.
 
1938

Іншыя творы: Янка Купала