Любімось, мае суседзі!

Янка Купала

Любімось, мае суседзі!
Кіньма сваркі, звадкі;
Жыйма, як родныя дзеці
Адной нашай маткі!
 
Што ты маеш з сваёй звадкі,
З дзікай ненавісці?
Людзі толькі насмяюцца,
І ўсёй той карысці.
 
Людзі толькі насмяюцца,
Ўрагі скарыстаюць,
Над душой чорт запануе,
Ўнукі цябе злаюць.
 
А пачнема жыці ў згодзе
Ў пачцівай, харошай,—
Знойдзем долю, знойдзем волю,
На зваротак — грошы.
 
Урагам нашым прыступіцца
Трудна тады будзе,
Ды ў суседзяў ласку маюць
Згодлівыя людзі.
 
Дык любімася, суседзі!
Кіньма сваркі, звадкі;
Жыйма, як родныя дзеці
Адной нашай маткі!
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала