Над магіламі

Янка Купала

Спіце, загнаныя,
Ад сонца скрытыя,
Спіце, бяздольныя,
Горам забітыя!
 
Як вам зямелькаю
На вочы кінулі,
З людское памяці
Марна загінулі.
 
Над косцьмі вашымі,
Па-над курганамі
Слёзы узносяцца
Мглою, туманамі.
 
Крыжы яловыя
Набок скрывіліся,
Наспы пасмертныя
Вадой размыліся;
 
Два-тры з іх свецяцца
Кветкай жычліваю,
Рэшта скрываецца
Лазой, крапіваю.
 
Самі ж вы зданямі,
Бледнымі, сінімі,
Летам усходзіце
Па-над магіламі.
 
Начніцы чорныя
Ночкай злятаюцца,
І совы шэрыя
Пераклікаюцца.
 
Ваўкі збіраюцца
Парой зімоваю
І пяюць, выючы,
Песнь паграбовую...
 
Спіце, загнаныя,
Ад сонца скрытыя,
Спіце, бяздольныя,
Горам забітыя!..
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала