Асеннім вечарам

Янка Купала

За хатай асеннія шумы,
Чуць свеціцца ў хаце газніца,
А думы, гаротныя думы,
Плывуць і плывуць, як крыніца.
 
Пяюць аб мінуўшым памінкі —
Бязрадасны гімн пражытому...
Быцця свайго бачыш дажынкі,
Падводзіш рахунак былому.
 
І лічыш, і лічыш паволі
Удачы свае і няўдачы —
Чаго меў на свеце найболей,
Чым сцежку жыцця абазначыў.
 
І думка адна, злыбядніца,
Назойліва цісне пытанне:
Ці ж варта было і радзіцца,
Каб толькі цярпець безустанне?!
 
[1913]

Іншыя творы: Янка Купала