Замкавая гара

Янка Купала

Над Віллёй-ракой,
Па гары крутой
Туман сцелецца;
Не то лом-ламок,
Не то дом-дамок
Там віднеецца.
 
Слаўны Гедымін,
Князь Літвы — літвін,
Душа чынная,
Многа лет таму
Ў гэтым жыў даму,
Жыў з дружынаю.
 
Горда мур глядзеў
На зямлю, як леў,
Сцяной крэпкаю;
Не адной бітвы
Тут сыны Літвы
Былі сведкаю.
 
Сышоў век, другі,
І князі, багі,
Ўсё літоўскія,
Уцяклі з зямлі,
І дзянькі пайшлі
Не такоўскія.
 
Як катух ля кур,
Дрэмле пусткай мур,
Цэгла валіцца;
Нават гнёзды віць
Птушка не ляціць,—
Знаць, пужаецца.
 
Адно йдуць сюды
З гарадской нуды
Адказеліцца
Бедната і «знаць» —
Віды аглядаць,
Што ў ног сцелюцца.
 
Ды як згасне дзень,
Ночкі ляжа цень
Над дамочкамі,
Людскіх шэптаў тут
Повен кожны кут
Пад кусточкамі.
 
А сівою мглой
Па гары крутой
Туман сцелецца;
Не то лом-ламок,
Не то дом-дамок
Там віднеецца.
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала