Вясна

Янка Купала

Ой, вясна, ой, вясна!
За душу ты мілей,—
З табой доля ясна,
З табой жыць весялей!
 
Як з’явілася ты,
Лес іначай шуміць,
Узлажыўшы лісты,
Як пан, думны стаіць.
 
Ты зялёнай травой
Скрыла чорну зямлю
І прызвала сабой
Усіх к працы, к жыццю.
 
Гоман птушак-пяюх
Льецца ў вушы твае,
На жалейцы пастух
Галасіста пяе.
 
Чуць заняўся усход
Неба яснай зарой,
Прэ на поле народ
З бараной і сахой;
 
Працавітай рукой
Засявае шнурок...
Ой, радзі, Божа мой,
На пацеху хлябок!
 
А далей паглядзі,—
Там дзяўчаткі стаяць,
І з дзявочай грудзі
Песні громка ляцяць.
 
Адным словам, кругом,
Вясна, права тваё!
З цябе долю бяром
І салодзім жыццё.
 
Засвяці ж ты, вясна,
Сваім бляскам для нас,
Калі сэрца, душа —
Спяць у чорненькі час!
 
Засвяці, калі мы
Абліёмся слязьмі,
Разбудзі нашы сны!
Душу, сэрца вазьмі!
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала