Як у госці сын прыехаў...

Янка Купала

Як у госці сын прыехаў —
А да маці, а не зблізка,—
Яе шчасце, яе ўцеха
Ад пялёнак, ад калыскі,—
 
Запрашала у святліцу,
За дубовы стол саджала...
Слёзы капалі расіцай,
Што сынок такі удалы.
 
Частавала белым сырам,
Хлебам сітным, мёдам пчолім,
Заклікала шчыра-шчыра
Не чурацца хлебам-соляй.
 
І цікавілася маці —
Сэрца матчына, вядома,—
Як на службе там дзіцяці,
Ці там лепей, ці мо дома?
 
А суседкі каля вокнаў,
Як бы ўбачылі праяву:
— Які чысты, які стройны,
Які з твару малажавы!
 
— Дома добра, там не горай,
Там не горай, а мо й лепей,—
Сын разважліва гавора,
Сэрца смуткам не зачэпе.
 
— Ты адно падумай добра,—
Служу ў Арміі Чырвонай,
Служу ў конніцы харобрай,
Дзе начальнік сам Будзённы.
 
Я таксама камандзірам,
Хоць служу другое лета,
Глянь, адзнака на мундзіры,
За заслугі ж усё гэта.
 
А парадак там у войску,
Кожна ўлічана хвіліна.
Ой, далёка нашым вёскам
Да такое дысцыпліны.
 
І ні суму, ні дакукі,
Час імчыцца, нібы хвалі;
Пасцігаем і навукі —
Болей знаем, як мы зналі.
 
А ўжо коні, нашы коні!
Ці то суха, ці разводдзе —
Буйны вецер не дагоне,
Шлях пярун не загародзе.
 
Байцы ж нашыя — героі.
Ты не знойдзеш гэткіх армій.
Што за выпраўка у строі,
Што за послух у казарме!
 
А суседкі каля вокнаў,
Як бы ўбачылі праяву:
— Які чысты, які стройны,
Які з твару малажавы!
 
— А парад як быў нядаўна,
Ты й не бачыла, й не чула,—
Гэткі важны, гэткі слаўны,
Колькі бляску, колькі гулу!
 
Во спачатку йдзе пяхота,
За ёй конніца і танкі,
На машынах едуць роты,
А там — быстрыя тачанкі.
 
За тачанкамі — гарматы —
Палявыя і марціры,
А пад небам — рой крылаты —
Самалётаў цэлы вырай.
 
Як зірнеш, дык ажно люба,
Галава аж ходам ходзіць!
Во дзе ворагу загуба,
Калі ўздумае нам шкодзіць!
 
А музыкі граюць маршы
Ў нечуваным ладзе-складзе,
Граюць маршы — і мне такжа,
Бо я такжа на парадзе.
 
А суседкі каля вокнаў,
Як бы ўбачылі праяву:
— Які чысты, які стройны,
Які з твару малажавы!
 
— Ды скажу табе я мілай:
Дзень той быў ў нас не штодзенны:
Сам таварыш Варашылаў
Прынімаў парад ваенны.
 
Не высокі сабе ростам,
Не высокі і не нізкі,
І такі вясёлы, просты,
Хоць далёкі, а так блізкі!
 
А свой погляд, свой юначы
Калі кіне, бы зарніца,—
Сэрца з радасці заскача,
Кроў адвагай забурліцца.
 
Адным словам, свой брат родны,
Адно хочаш, мая маці,
Быць яго дастойным, годным,
За яго жыццё аддаці.
 
Конь пад ім, прост, вярнігора!
А як скача, як гарцуе!
Ён вачыма лічыць зоры,
Ён вушамі вайну чуе.
 
Вайну чуе, броў не хмура,
Толькі бліскаюць падкоўкі,
Бо яздок на ім, што бура,
З віхрам пойдзе ў перагонкі.
 
Нашай Арміі Чырвонай
Камандзір над камандзіры,
За ім пойдзеш, хоць сягоння,
Цераз пушчы, цераз віры.
 
У міжбур’е з ім жыць міла,
Лёгка ж будзе і ў паходзе.
Во, які наш Варашылаў!
Во, які наш палкаводзец!
 
Так у госці сын прыехаў —
А да маці, а не зблізка,—
Яе шчасце, яе ўцеха
Ад пялёнак, ад калыскі.
 
Нездарма вяла ў святліцу,
За дубовы стол саджала.
Слёзы капалі расіцай,
Што сынок такі удалы.
 
Нездарма там каля вокнаў
Цёткі гутарылі жвава:
— Які чысты, які стройны,
Які з твару малажавы!
 
1935

Іншыя творы: Янка Купала