Мая хата з краю

Янка Купала

Дзе звярнуся, сяк і так
Баюць мне ў трывозе:
Як мядзведзь ты спіш, бядак,
У сваёй бярлозе.
 
З гэткіх баек проста смех —
Рукою махаю;
Ці ж бы спаці было грэх?..
Мая хата з краю.
 
Без яды адзін брат ссох,
Другі чахне ў латах,
Трэці з торбай на плячох
Кляне так жа брата.
 
Я смяюся з іх усіх,
Рукою махаю;
Вот сваяцтва — ану іх!
Мая хата з краю.
 
Родзе шнур, як там ні сей,
Адны недахваткі;
Кут нявучаных дзяцей,
Хлеба ўжо астаткі.
 
Думак вельмі не сушу,
Рукою махаю;
Вып’ю, рэдзькай закушу,—
Мая хата з краю.
 
Маю родну мову, край,—
Кажуць мне так людзі,—
Толькі выпрастайся, знай,
А твой верх тут будзе!
 
Праўда — штось як чужняком,
Кожны мной піхае;
Ці ж адным мной? Эй, Арцём,
Твая хата з краю!
 
І аб было меней магіл,
А вяселляў болей,
Кожны рвецца з усіх сіл
К святлу, славе, долі...
 
Лезьце, лезьце!.. я ж пры чом?
Рукою махаю,
Добра мне і пада дном!
Мая хата з краю.
 
Гэткім спосабам жыцця
Век свой дажываю,
Вось і песня мая ўся!
Як і ўсё, ўміраю.
 
На магілкі і крыжы
Рукою махаю,
Далі хату — знай ляжы!
Але і тут з краю.
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала