Тры арліцы

Янка Купала

Ой, далёка заляцелі
Гордыя арліцы!
Даляцелі, палі-селі
Ў славе на зямліцы.
 
Тры арліцы-чараўніцы
Свет зачаравалі
І дадому, з свята быццам,
Вяртаюцца ў хвале.
 
А ляцець было нялёгка,—
Груган чорны пасвіў.
Шлях нязведаны шырока
Небяспекай слаўся.
 
Там — пад імі — нетры, пушчы,
Багнішчы, імшары,
А над імі — чорнай гушчай
Воблакі і хмары.
 
Ды адважных не спужалі
Ні груган, ні ночка,—
Паляцелі вышай, далей
Савецкія дочкі.
 
Цераз віхры, навальніцы,
У глухіх прасторах,
Шляхі значылі арліцам
Крамлёўскія зоры.
 
Ох, арліцы, добра лётаць
Сцежкамі такімі,
Дзе ляціць з тваім палётам
Сталінскае імя!
1938

Іншыя творы: Янка Купала