Не праспі

Янка Купала

Спі, дзяўчына, покуль сонца
Не зайграла над хацінай;
А як сонца на аконца
Бліскі кіне — ўстань, дзяўчына!
 
Устань, зніміся, схамяніся,
Ўмыйся сочнаю расою,
Сэрцам к сонцу прытуліся,
Ветру дай гуляць з касою!
 
У сонцы віся далей, вышай,—
Паланей, красуй дзянінай,
Не пужаючыся крыжа,
Сонцу роўная дзяўчына!
 
Заіскрыся кветкай белай
На зялёнай сенажаці;
Кінь патолю думцы смелай,
Пасмы радасці снаваці...
 
Негаданай песняй-казкай
Разыграецца часіна...
З сонцам, з сэрцам, з вечнай ласкай
Не праспі вясны, дзяўчына!..
 
1911

Іншыя творы: Янка Купала