Гэй, капайце, далакопы...

Янка Купала

Гэй, капайце, далакопы,
Яміну-магілу,—
А шырока, а глыбока,
Колькі хваціць сілы.
 
Так капайце днём і ночай,
Помачу склікайце,—
Бо ў тым доле хаваць будзем,
Беларусь хаваці.
 
*
Гэй, ударце, загудзіце,
Званы з усіх вежаў,
Каб ніхто ўжо пары гэтай
Дома не залежаў.
 
Так званіце, не кідайце,
Дружыну склікайце...
Хаўтуры ўжо свае будзе
Беларусь спраўляці.
 
*
Гэй, зайграйце ў мільён струнаў,
Слаўныя музыкі,
Каб аж водгалас каціўся,
Як ёсць свет вялікі.
 
Так іграйце, каб было ўжо
І глухім чуваці,—
Каб маркотна не было спаць
Беларусі-маці.
 
*
Гэй, збірайцесь на памінкі,
І сыны, і дочкі,
Справім гучную бяседу
Пад аслонай ночкі.
 
Сабірайцесь, ды не снеце
Галасіці звонка,—
Памінаць бо толькі будзем
Родную старонку.
 
1910

Іншыя творы: Янка Купала