Доля ўдавы

Янка Купала

Як гляну я, гляну ў свет зрэнкай хмурліваю,
Ў свет гэты, што поўны няпраўды благой,—
Злятаюцца думы ў душу нешчаслівую,
І вырвецца песня, абліта слязой.
 
Дарэмна на долю гляджу чалавечую,
Не бачу шчаслівых ў жыццёвым кругу,
А долю ўдавы ды і кожну кабечую
Найгоршай з найгоршых назваць я магу.
 
Ніхто за сіротку-ўдаву не заступіцца,
Ад злосці і крыўд не бароніць ніхто,
А крыўдзіць жа сільныя слабых не скупяцца
Людскому сумленню і праўдзе назло.
 
Расце сярод поля сасонка высокая,
І віхры, і хмары шалеюць над ей;
Жыве без апекі ўдава адзінокая,—
Як хвойка ад бураў, цярпіць ад людзей.
 
Не знала яна з мужам шчасця вялікага,
Не раз аблівалася сэрца крывёй,
Цяпер жа ад ворагаў пошасці дзікае
Не знае спакойнай часінкі адной.
 
Падобная ў полі нязжатаму коласу,
Змагацца прымушана з зменным жыццём.
І скаргаў яе справядліваму голасу
Няма рэха чулага ў сэрцы людском.
 
Сваймі мазалямі — адвечна крывавымі —
Павінна на хлеба кусок зарабляць
І з крыўдамі, з здзекамі біцца няправымі,
Аб прышлых днях думаць, дзяцей гадаваць.
 
1906

Іншыя творы: Янка Купала