З гора ды з бяды

Янка Купала

Гэй, хадзі ў карчомку,
Дружа малады!
Гарэлачкі вып’ем
З гора ды з бяды!
 
Утопім долю ў чарцы
Хоць на час сваю,
Там табе я песню
Гулка прапяю.
 
Чарачка-галубка
Шчасця дадае
I сэрца, і думкі
Весяліць твае.
 
Пры чарачцы поўнай
Радасна ў вачах,—
І добрымі людзі,
І жыцця не страх.
 
І сябе пры чарцы
Ў крыўду б не даваў,
І за сваю б праўду
З кожным ваяваў.
 
І кроў маладая
Ў жылах закіпіць,
І дзяўчынку-сонца
Хацеў бы туліць.
 
Дык чаго марудзіш,
Дружа малады?
Хоць раз хадзі ўп’ёмся
З гора ды з бяды!
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала