Праступнік

Янка Купала

Судзіце мяне ў ссылку,
Закуйце ў ланцугі,—
Праступнік я вялікі,
Папоўніў я грахі.
 
На хату сухастойку
У панскай пушчы ссек,
На дзірванок на дворны
Я ездзіў на начлег.
 
У воласць не аддаў я
Падаткаў у пару,
Схадзіць раз на абедню
Я не паспеў ў царкву.
 
Раз перад земскім шапкі,
Здурэў, забыўся зняць,
Урадніку, падпіўшы,
Хацеў касцей намяць.
 
Чытаць люблю я кніжкі,
Газетку раз знайшлі,
Крычаў з другімі з гора:
Свабоды і зямлі!
 
Я грэшнік, я праступнік,
Мой Божа дарагі!
Судзіце мяне ў ссылку,
Закуйце ў ланцугі!
 
1907

Іншыя творы: Янка Купала