Ў вечным боры...

Янка Купала

Ў вечным боры цемнатворы
Скачуць, плачуць, весяляцца;
Жнуць, збіраюць дзіва-жніва
Ў сонным полі, ў горкай долі.
 
Ночай ходзяць, днём заводзяць,
Твораць, мораць яснагляды;
Веюць, сеюць плесні ў песні
На палаці ў кволай хаце.
 
Як начніцы-чарналіцы,
Скрыпам, шыпам маладзяцца:
Кінем, плюнем чары-мары
На паляны нечапаны;
 
Над курганам незабраным
Скруты-путы разасцелем,
Сном-травою станем, глянем
На няўлады, на пасады...
 
З чорным богам прад парогам
Сталі ў хвале, як кароны,
І пануюць — скачуць, плачуць
Цемнатворы ў вечным боры.
 
1912

Іншыя творы: Янка Купала