Дарогі

Янка Купала

Дарогі вы шасейныя,
Шчаслівыя дарогі,
Істужкамі паслаліся
На нашыя разлогі.
 
Праз поле ураджайнае,
Тарфяныя балоты,
Праз пушчы векавечныя
Ляглі вы пазалотай.
 
Ніколі вы не дрэмлеце,
Ад ранка і да ранка
Па вас машына коціцца
І конная фурманка.
 
І пешаходам весела —
Малодшы ён ці старшы,
Байцы Чырвонай Арміі
Ідуць паходным маршам.
 
Грузавікі з таварамі
Бягуць ва ўсе староны,
З лістамі віншавальнымі
Шнуруюць паштальёны.
 
Злучылі з гулкім горадам
Спакойныя разлогі,
Дарогі вы шасейныя,
Шчаслівыя дарогі.
 
З бяспуцця непраходнага,
З калдобін-катлавінаў
Ты выйшла, ардэнаносная,
На роўны шлях, краіна.
 
1935

Іншыя творы: Янка Купала