З песень а бітвах

Янка Купала

Іграюць сурмы баявыя,
Віхор разносе іхні звон,—
І песні дзіўныя такія
Ад іх лятуць да ўсіх старон.
 
Аб славе цуднай граюць сурмы,
Аб шчасці люду усяго;
Завуць змагаць няволі штурмы,
Завуць... ой, многа да чаго!..
 
Дый дарма звоняць сурмы гулка,
Народ абманены прыціх,—
Той спіць, той ходзе без прытулка,
А жаль і роспач ува ўсіх.
 
Мучыцель толькі рад, снуецца,
Як шакал дзікі па трупах,—
З ахвяр сваіх ваўком смяецца,
З ахвяр, што мруць у ланцугах.
 
І відзець страшна ў путах сілу
Людскі ўвесь з жалю енк і плач,
Аж хоць кладзіся у магілу
І свету гэтага не бач.
 
І ходзіш так, як пагарэлы,
І хочаш людзям скаргі слаць,
Азвацца крыкам на свет цэлы:
Дзе праўды, волі дзе шукаць?!
 
А сурмы граюць баявыя,
Віхор разносе іхні звон,—
І песні дзіўныя такія
Ад іх лятуць да ўсіх старон.
 
30 сакавіка 1906

Іншыя творы: Янка Купала