Я не сокал...

Янка Купала

Я не сокал зоркавокі,
Не арол адважны,
Што так думна за аблокі
Ўзносіцца з іх кажны.
 
Нават я не салавейка,
Што пяе так слаўна,
А я толькі верабейка,
Ўзрошчаны пад Гайнай.
 
Як ён, край шаную родны,
Не ляту ў чужыя,
І з зімой б’юся халоднай,
Хоць-та сэрца ные.
 
Як ён, сеў бы дзе на плоце
І песні чырыкаў,
Людцаў родных бы ахвоціў,
К лепшай славе клікаў.
 
Як ён сад — я хатку, поле
Люблю, хоць не маю,
З верабейкавай і доля
Мая роўна, знаю.
 
Верабейку стужа змора
Або ястраб схваце,
Мяне ж зломе маё гора,
Ў зямлю кіне спаці.
 
Над магілаю крыж з хаткай
Паставяць мне людзі,
Верабейкава ж дзіцятка
Нада мной пець будзе.
 
І мне будзе смуткаў меней,
Лежачы ў заперці...
За жыцця — слёзы, цярпенне,
А песні па смерці.
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала