Сосны

Янка Купала

Сосны выносныя,
Гордыя сосны!
Шмат вы ўжо носіце
Сонечных вёснаў.
 
Вас, супакойныя,
Вецер калыша,
Думкі ўзнімаеце
Шумам і цішай.
 
 
*
Тыя ж на поўначы —
З вёснаў да вёснаў —
Ў сцюжнай Карэліі
Высяцца сосны.
 
Тыя ж на поўдзені,
Над цёплым морам,
Сосны ахуталі
Крымскія горы.
 
*
Сосны далёкія,
Блізкія сосны,
Сэрцу вы любыя
З вёснаў да вёснаў.
 
Вас адзінакава
Вецер калыша,
Думкі ўзнімаеце
Шумам і цішай.
 
1935

Іншыя творы: Янка Купала