Палац

Янка Купала

Стогнуць пад мурам халодным таполі;
Крыліцца ў ветках начніца;
Моляцца совы па днеўным прыволлі;
Вецер калыша званіцай.
 
Сцелюцца мжакі асенняй валокны;
Вечар нялюдзен, трывожан;
Шыбамі звоняць палацавы вокны,
Ценямі мур упрыгожан!
 
Высакі, бледны адвечныя сцены,
Мары-слупы чарадою;
Важны дзядзінец, трава па калена;
Сад з агародай жывою.
 
Дымна замглелі, як блудныя вогні,
Ў вёсцы далёкай лучыны...
Весела, ярка ў палацы сягоння,
Хвіляй-мінутай — гадзіна.
 
Шыбы зардзелі блысканнем няўхватным,
Кружацца пары, мігаюць;
Душы да славы ўсябратняй не здатны,
Вокліка суму не знаюць.
 
Бел, як астрог сярод пусткавай пашы,
Думку палац неспакое:
Штось да яго парывае і страша;
Зводны аздобай пакоі.
 
Неўглядзь за поўнач наспела часіна,
Сон на пакоі паў ройма...
Досвета ў вёсцы далёкай лучыны
Далей мігцяцца па-свойму.
 
1909

Іншыя творы: Янка Купала