Не судзіла доля

Янка Купала

Не судзіла ты мне, доля,
Быці рэчкай сярод скалаў,
У якой яна бы вочкі
На паранку умывала.
 
Не судзіла ты мне, доля,
Быці сонцам над крыніцай,
У якім яна б сушыла
Ад слёз беленькае ліца.
 
Не судзіла ты мне, доля,
Быці ветрам з-пад нябёсаў,
Аб які яна б часала,
Заплятала свае косы.
 
Не судзіла ты мне, доля,
Быці птушкай у садочку,
Да якой яна б паслухаць
Песню выйшла з церамочку.
 
Не судзіла ты мне, доля,
Хоць далёкай зоркай быці,
На яку яна б зірнула
Мо хоць раз, хоць раз у жыцці.
 
1915

Іншыя творы: Янка Купала