На дудцы

Янка Купала

Як жа можна ў маёй хаце
Жыць долі,
Калі хлеба ёй не хваце
І солі?
 
З маёй хаткі пацех мала,
Як з лому;
З страхі бура паздзірала
Салому.
 
На падпорах сцены, шулле
Гнілыя;
Вецер чуць не перакуле,
Як вые.
 
А праз нізкія аконцы,
Як ночай,
Хоць бы глянуць ясна сонца
Не хоча.
 
Вясна з голадам прыходзе
Заўсёды,
І благія шле разводдзе
Прыгоды.
 
Летам — праца, пот сплывае
Ракою.
Што засею — град збівае
Без бою.
 
Прыйдзе восень, золка стане
Час цяжкі;
Па пустым таку б’е зрання
Цэп важкі.
 
А зімой завеі ў полі
Гуляюць,
Хаўтуры па маёй долі
Спраўляюць.
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала