Выбары (Малюнак)

Янка Купала

І
Запыталіся ў Галінкі,
У малой дзяўчынкі:
— Што сядзіш ты, Галя, ў хаце,
І не йдзеш гуляці?
 
— Пайшлі ў госці мама, тата,
Голас свой панеслі,
Ну, а я пільную хату,
Сяджу сабе ў крэсле.
 
Мяне ўзяць з сабой прасіла,
Але ўзяць не ўзялі,
Адно кажа мамка міла:
— Ты йшчэ сходзіш, Галя.
 
Во, глядзі сама ў аконца,
Гуляючы дома.
Свой за Сталіна, за сонца,
Голас панясём мы.
 
Ды йшчэ кажа, што малая,
Урны не дастану...
Што ж такое,— пачакаю,
Пакуль большай стану.
 
Пройдзе зімка, пройдзе лета,
Як сказаці слова,
Дачакаюся я гэтак
І выбараў новых.
 
Будуць рады татка, мама,
Калі падрасту я,
І за Сталіна таксама
Я прагаласую.—
 
І ў Галінкі-дзіцяняткі
 
Ад такой гаворкі
Ажно йскрацца вачаняткі,
Нібы ў небе зоркі.

ІІ
— Куды йдзеш ты, мая бабка,—
Кажа ўнук бабулі,—
То сядзіць, не злазіць з печкі,
Цяпер, во, на гулі.
 
Сама ведае, што хвора,
Што баляць ёй грудзі.
Аддыхала б лепей дома,
Чымся пхнуцца ў людзі.
 
І бубніць, бубніць бабульцы
Ўнук сямігадовы.
А бабуля яму кажа,
Падбірае словы:
 
— Што ты ведаеш, Данілка,
Лепш пабудзь во ў хаце.
То ж на выбары іду я,
Голас свой падаці.
 
Сабе ўжо і дэпутата
Выбрала адразу —
Варашылаву свой голас
Аддам з сэрцам разам.
 
— Варашылава я знаю,
Сам я з ім вітаўся,
Ён, калі былі манеўры,
Ў нашым быў калгасе.
 
Ну, за гэтага дык можна,
Чалавек вядомы.
Галасуй ідзі, бабулька,
Я пабуду дома.
 
Варашылава я такжа
Выберу з часамі,
На сямі канях паеду
З сямю галасамі.
 
Сеў Данілка, выразае
Коніка з бярозкі,
Адно бліскаюць у вочках
Радасныя слёзкі.
 
1937

Іншыя творы: Янка Купала