Кат

Янка Купала

І неба цямнейша ад сажы,
І крык далятае савы,
Падводзяць кабеціну стражы:
Ім трэба яе галавы.
 
Ужо вісельня к дзелу гатова,
Гатова людзям паслужыць:
Слупочкі і роўны, і новы,
Пятля на пярэчцы вісіць.
 
Вяроўкаю вецер махае,
Варушыць асіна зямлю,
Ля століка кат пахаджае,
Намыліў слізгуча пятлю.
 
Рыхтуецца смелы, ахвочы,
На ўсходцы ахвяру вядзе;
Закрыты кабеціны вочы,
Ланцуг на руцэ і назе.
 
Кат глянуў на бабу, на неба,
Уніз на людзей, на зямлю,
Пятлю залажыў, як і трэба,
Пятлю ён на шыю... сваю.
 
Кабета зляцела з усходаў,
І столік за ёю зляцеў,
Пачуліся крыкі з народу,
Што тут жа стаяў і глядзеў.
............................................
Хістаецца труп на вяроўцы;
Кабета прыпала да ног,
І вырвалась страшнае слоўца:
«Сыночак, мой родны сынок!..»
 
А неба ўсё чорна, як сажа,
І крык далятае савы,
Падводзяць кабеціну стражы:
Ім трэба яе галавы.
 
[1906-1909]

Іншыя творы: Янка Купала