Дзве долі

Янка Купала

Расце бярозка серад поля,
Ўдалі ад лесу, сіратой;
Жыве пясняр з сваёй нядоляй,
З сваёй маркотнаю душой.
 
Ваюе з бурамі бяроза,
Мароз, слата сячэ яе;
Пясняр з няпраўдай б’ецца ў слёзах,
За ўсіх цярпіць, для ўсіх пяе.
 
З бярозкі свежыя галіны
Віхор зрывае, коціць ўдаль,
А песняровы думкі-гімны
Ламочыць крыўда, гора, жаль.
 
Жыла бярозка, годзе жыці:
Сячэ на дровы дрывасек...
Ідзе пясняр пад дзёрн злажыці
Сваю галованьку навек.
 
Бярозка ў печы ўжо вуглямі...
Дымы пад неба ўжо бягуць;
Памёр пясняр, забыт людзямі,
А песню ўсе яго пяюць.
 
[1919]

Іншыя творы: Янка Купала