Памяці Эдуарда Самуйлёнка
Дружа мой, сокале ясны, крылаты,
Крыллі навекі апалі твае,—
Ты ўжо не прыйдзеш на нашыя святы,
Голас твой песень для нас не спяе.
Слёзамі дожджык пальецца на грудзі,
Насып-магілку абсыпе расой,—
Слёзы высушываць сонейка будзе,
Сонейка будзе заўсёды з табой.
Восенню кветкі завянуць у полі,
Кветцы засохшай ізноў не цвісці,—
Думкі твае не завянуць ніколі,
Думкі аб нашым прыгожым жыцці.
1939