Паляці, мая мысль...

Янка Купала

Паляці, мая мысль,
Лётам сокала
І прагледзь гэты свет
Кругом-вокала.
 
Лётам светлай зары
Па-над стрэхамі —
Сып надзеяй жывой
І пацехамі.
 
Пей аб волі людзям
Думкі цудныя,
Уміляй іх жыцця
Сцежкі трудныя.
 
Залатыя сны ім
Няхай рояцца;
Няхай жаль на душы
Супакоіцца.
 
Гоняць хай ад сябе
Цьмы нядольныя,
І рука у руку
Пойдуць вольныя.
 
Так, ляці, эй, ляці,
Мысль свабодная!
А ты міла спаткай,
Зямля родная.
 
[1906-1912]

Іншыя творы: Янка Купала