Вясенняя раніца

Янка Купала

Вясенняя ночка,
Як стой, праляцела,
І раніца з неба
Сплывае нясмела.
 
Свет яснасці ўзмахам
Пачаў дзянёк новы;
Хаваюцца з страхам
Начніцы і совы.
 
Мільённая зорак
Сямейка заснула,
Праменнямі сонца
З усходу міргнула.
 
Туман з сенажацей
Плыве, рассяецца;
Звон пута чуваці,
Начлежнік пляцецца.
 
Ад птушыных песень
Лясы загудзелі,
І лісце, і травы
Ад росаў зардзелі.
 
Прачнуліся вёскі,
Дым з комінаў вале;
Асверы, павозкі
Скрыпяць недзе ў далі.
 
А сонца ўсё вышай!
Жыцця ўсюды болей...
Плугі і бароны
Зашурхалі ў полі.
 
Рыкае скацінка,
Іграюць жалейкі;
Над цэлай мясцінай
Стаіць гоман нейкі.
 
Ўсё йграе й ззывае
Да працы — аж міла...
Куй, браце, жалеза,
Пакуль не астыла!
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала