Ці ты чуеш?..

Янка Купала

Ці ты чуеш, дзяўчынка,
Як трасецца хацінка,
Як вятрыска скуголе,
Шум нясе нейкі з поля?
 
Ці, пачуўшы, пазнала,
Што ўсё гэта нагнала
Табе ў сэрца са свету,—
Ці адчула ўсё гэта?..
 
Гэта восень заводзе,
Слёзы лье ў непагодзе
Над табой, нада мною,
Над няшчаснай зямлёю.
 
Не пужайся ж ты крыкаў
Непагоды вялікай...
Нас Бог крыўдзіць з людзямі,
Восень плача над намі.
 
[1911-1912]

Іншыя творы: Янка Купала