Саха

Янка Купала

Друг мой неадчэпны,
Саха ты крывая,
Хоць корміш свет цэлы,
Сама ж век худая.
 
Вяровак, жалеза,
А дрэва найболей
Пайшло, каб пажытак
З цябе быў у полі.
 
От рэзні-нарогі,
Паліцу — ўзнімай роль —
Мне выкаваў ў кузні
З жалеза каваль Сроль.
 
Палічнік, прыполак,
Падсошнік-крывуля
Прыладжаны мною
З дубочка-сынулі.
 
На пласе з бярозы,
Ў рагач увязанай
Падвоямі туга,
Нарогі ўзагнаны.
 
Рагач жа яловы —
Ў ім мыліца ўбіта —
З ярмом змацаваны
Прызьмом з дубцоў вітым.
 
Ў ярмо і кульбакі
Капаныя ўткнёны,
А такжа й занозы
На ўсе дзве староны.
 
Такіх вось прыладаў
Сабраць сасе трэба,
Каб здатнай была ўжо
Дабыці нам хлеба.
 
Як гэта ўсё умелай
Рукой і здаровай
Прывёў да парадку —
І сошка гатова.
 
Валоў запрагаеш,
Кульбакі прымерыш
І — валь баразною!
К сабе, «Бур», к сабе, «Рыж»!
 
К сабе, «Бур», к сабе, «Рыж»,
Ідзі, сошка, ёмка,
Мы ж гора забудзьма,
Запейма а громка.
 
Запейма, як дужы,
Каб свет аж затросся,
На ўсе каб староны,
Як гром, гул разнёсся...
 
Ты, сошка, худая,
Я пан твой — араты,
Век бедны, галодны,
Хоць пан наш багаты.
 
[1905-1907]

Іншыя творы: Янка Купала