Мая жонка

Янка Купала

Не хачу я жонкі
Не з сваёй старонкі,
Як я — багацейшай,
І як я — мудрэйшай.
 
Я вазьму такую,
К якой любасць чую,
Што мяне палюбіць,
Як сябе самую.
 
Будзем з ёю жыці
І долю хваліці,
Весці лад у хаце,
Дзетак гадаваці.
 
І так жыць па праве
Ў добрай будзем славе,
Покуль хаўтуроў нам
Злая смерць не справе.
 
[1906-1912]

Іншыя творы: Янка Купала