Гутарка аб кепскай гаспадыні

Янка Купала

З кепскай гаспадыняй
Кепска жыць, вядома,—
Ані з ёю ў людзі,
Ані з ёю дома.
 
Не жыццё, а мука,
Хоць скачы ты жабай,
Калі ды не ўдасца
Табе твая баба.
 
Чалавек спакойны
Я па сваім складу,
Але ж не стрываеш,
Як няма дзе ладу.
 
Нават пабажуся,
Што ў ніякім чыне
Не крану і пальцам
Добрай гаспадыні.
 
Але ўжо аб кепскай
Аніяк не змоўчу,
Хоць мо і дастану —
Ў вочы ці за вочы.
 
Вось яна у хаце,
Гаспадыня наша,
Выглядам, хадзьбою
Нават пеўня страша.
 
Як зірнуць, здаецца,
Не брыдкая з твару,—
І той стан, як трэба,
І ў грудзях шмат жару.
 
Але як там далей
Так і гэтак глянеш,—
Нікне ўся павабнасць,
Любіць перастанеш.
 
Вось пачнем мы знізу,
Па сваёй прастоце,—
Ногі за калена
У гразі, ў балоце.
 
А калі абута,
Каб не секлі блохі,
З лытак без падвязак
З’ехалі панчохі.
 
Перад у спадніцы
Ўвесь зафлюндран з долу,
Цыцалямі ззаду
Цягнуцца брынзолы.
 
Чуць ліпіць на целе
З вузлоў паясніца,
Ажно кожнай хвілі
Валіцца спадніца.
 
А кафтан надзене —
Плямы ад заціркі,
Дзіркі ў кожным локці
І на грудзях дзіркі.
 
Гэтак і кашулю
Бачыш ты адкрыта,
І яна ўся ў дзірках
Ды дзён сто не мыта.
 
Валасы страхою,
Ў валасах, як маку...
Век, знаць, не часаны,
Косаў ані знаку.
 
Глянь цяпер у хату
Гэтай гаспадыні,
Хто жыве — не ўцяміш —
Ці людзі, ці свінні.
 
Па кутках і столі
Павуціння густа,
Гразі на падлозе —
Ў паўаршына луста.
 
Збіта, як стог сена,
Ў качарэжнік смецце,—
Вон не выкідана,
Мабыць, з тагалецця.
 
Пад нагамі венік,
Чапяла ў запеччы,
За парогам вілкі,
А ўсё недарэчы.
 
Кіснуць не памыты
Ў лыжачніку лыжкі,
Дзе папала — ў нелад
Саганы і міскі.
 
На стале абрус той,
Як у бот ануча,
Не пасцель на ложку,
А так — рызаў куча.
 
А пад ложкам важна
Хлеў цялё зрабіла,
Парасяты тут жа,—
Проста глянуць міла.
 
Пад сталом скавыча,
Як бы чаго плакаў,
З апараным бокам
Галодны сабака.
 
З перабітым задам
Кот начынне ліжа,
Побач з ім і певень
Хлеб у дзюбу ніжа.
 
Дзеці пустапасам
Лазяць сабе самі,
Па вушы ў балоце,
З голымі пупамі.
 
Пад паўдня устала
Гэта гаспадыня,
Працірае вочы,
А сон і не гіне.
 
Засланку адклала,
Пашчапала смолку,
Дроваў за чалеснік
Кінула без толку.
 
Неяк падпаліла
Ў печы гэтак дровы,
Аж паплыў на хату
Пах смалы яловай.
 
Гаршкі паўстаўляла
І так варыць, варыць;
Каб хаця ўдалося,—
Ціха, сонна марыць.
 
Але, як заўсёды,
Не судзіла доля:
Як чэмер — капуста,
Зацірка — без солі.
 
Прыцягнула дзежку
З рошчынай на лаву,—
Ўкісла ці не ўкісла —
Не яе тут справа.
 
Рук не закасаўшы,
Нават не памыўшы,
Месіць цеста, месіць,
А пот лье, як з мышы.
 
Потым гэта цеста
З вялікай бядою
Пасадзіла ў печку —
Сядзі на здароўе!
 
У каго закалец
Усяго на палец,
Па яе ж законе —
На ўсе дзве далоні.
 
А пайшла карову
Падаіць да хлева,
Вымя не памыла,
Доіць права-лева.
 
Цягне цыцку, цягне,
Малако цурыцца —
Болей за даёнку
Або на спадніцу.
 
Потым сабе села
З прасніцай на зэдлі,—
Што пацягне нітку —
Рвецца ад кудзелі.
 
Так і гэтак тыцне
Ды кляне уголас,
Нітка ж то як палец,
То цяней за волас.
 
Спрала, насукала
Пачынак за тыдзень,
Дый той змарнаваўся:
Зблытаў, мабыць, злыдзень.
 
Але ж нейк за зімку
Са сцяну напрала —
Кужаль ды на зрэб’е
Перамеркавала.
 
Удалося з часам
І паставіць кросны;
З пядзю за дзень вытча,
А болей дык млосна.
 
Выткаўшы, бяліла,
Але так — на сціркі,
Пашто бяліць надта,
І так будуць дзіркі.
 
Ну, а пойдзе ў грады,—
Поліць, як з пахмелля:
Вырве бурак, моркву,
А пакіне зелле.
 
У жніво таксама
Ўсё йдзе не па мыслі,
Як бы падстаўляе
Хто нагу сумысле.
 
Чуць сярпом ківае,
Праклінае гоні,
Вышай за калена
Вырасла іржонне.
 
А сноп калі звяжа —
Як пабэрсаў нехта:
Ніяк не згадаеш,
Дзе камель, дзе верх той.
 
Гэтак яна ў працы,
Гэтак яна ў хаце,
З языком затое
Не раўня нам, браце.
 
Ой, на гэту справу
Не гультай, не зломак,
І прыйсці да слова
Век не дасць нікому.
 
А як створыць плёткі,—
Ўсіх пасварыць зводна:
З роднай жонкай — мужа,
Брата — з сястрой роднай.
................................................
Гэткіх гаспадыняў
Няма ў Беларусі,
Дык даруйце, цёткі,
Што крыху пахлусіў.
 
1926

Іншыя творы: Янка Купала