Бледныя буднія дні...

Янка Купала

Бледныя буднія дні
Сумна па роднай зямлі
Мутнай плывуць паласой;
Часам калі-нікалі
Дзе-нідзе бліснуць агні,
Глянуць крывавай расой.
 
Песні раздолля маўчаць,
Песні, што рабскія сны
З душ паднявольных змялі б,
Толькі заводзяць званы,
Толькі асіны скрыпяць
Над уміраннем сяліб.
 
Скрогат нясецца з асін...
Рабству паклоны біў дзед,
Гнуўся пад палкамі ў крук;
Бацька — за дзедам; услед
З бацькам пляцецца і сын;
Ты ж кудой пойдзеш, унук?..
 
1912

Іншыя творы: Янка Купала