Кругаварот

Янка Купала

Нічога вечнага на свеце
Няма для шумнага жыцця;
Здарэнні, многія сталецці
Ідуць пад века забыцця.
 
Ўстае рой новых пакаленняў;
Старыя сходзяць на той свет;
Нягодны ўнуку ўжо тварэнні,
Якія меў на ўслугах дзед.
 
Марнеюць сільныя народы;
Бяруць слабейшыя гару;
Нянавісць, бітвы, непагоды
Туманяць радасці зару.
 
Не раз крывавыя паляны
Ў душу чуткую ліюць жаль,
За бліскам славы разгуканы
Дух чалавека рвецца ўдаль.
 
Ствараюць з золата бажышчы,
Ідуць адны к ім на паклон,
Другіх шамочаць бед ігрышчы,
Нясецца стон з усіх старон.
 
Нязнанай сілай правіць светам
Пачатак, бытнасць і канец;
Народ таўпехаецца ў гэтым,
Як стада зблуканых авец.
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала