Адгукніся, душа!..

Янка Купала

Адгукніся, душа, песняй звонкай грымні!
Няхай песня з віхрамі памчыцца.
У братніх сэрцах няхай разгарацца агні.
Думы новай пальюцца крыніцай.
 
Ад зары да зары па радзімай зямлі
Зацяганыя людзі снуюцца,
І гаруюць яны, рэдка шчасны калі,
З чорнай доляй змагаюцца, б’юцца.
 
З іх жыцця без жыцця, з іх бяднот і цямнот
Карыстае бяспуцце, як можа;
І ніхто ж не жалее, як вечных сірот,
Ні свой брат і ні ты нават, Божа!
 
Жальбаў слухае іх толькі шум баравы,
На іх мукі глядзяць толькі зоры.
Адгукніся ж, душа, на іх стогн векавы!
Задрыжыце, даліны і горы!
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала