Мая вера

Янка Купала

Не веру ідалам паганым,
Што выразаюць разьбяры,
Бажкам не веру маляваным,
Што мажуць фарбай маляры.
 
Не веру купленым прарокам,
Што з казальніц за грошы лгуць
І сочаць прагавітым вокам,
Скуль больш чырвонцаў ім нясуць.
 
Не веру ў фокуснікаў цуды
Усіх народаў і вякоў,
Што ў ход пускаюць хітра ўсюды
Туман на цёмных слепакоў.
 
Не веру ў каменны багоўні,
Ў людской асвенчаны крыві,
Дзе толькі вяжуць, бы ў прыгоне,
Жывому духу ланцугі.
 
Ні за якую плату, меру
Не дамся гэтай варажбе...
Ў народ і край свой толькі веру
І веру ў самаго сябе.
 
[1918]

Іншыя творы: Янка Купала