Шаг у шаг...

Янка Купала

Шаг у шаг, ваякі-хлопцы! —
Весялей жа, малайцы!
Весялей жа, удалыя
Беларускія байцы!
 
Узніміся, Сцяг Чырвоны!
І ты, зорка, чырваней!
Пралетарская пяхота
Не ўстыдзіць сабой людзей!
 
Адступаць назад не ўмеем,
А йдзём горда мы ўпярод,
Уміраючы за волю,
За працоўны ўвесь народ.
Узніміся, Сцяг Чырвоны! і г. д.
 
І сваіх чырвоных дзетак,
Сказам аб былом жыццю
Мы навучым, як змагацца
За Рэспубліку сваю.
Узніміся, Сцяг Чырвоны! і г. д.
 
Шаг у шаг, ваякі-хлопцы!
Ды вышэй Сцяг Акцябра!
Паланее над зямлёю
Пралетарская Зара.
Узніміся, Сцяг Чырвоны! і г. д.
 
Як вучылі камунары,
Мы вядзём з нявольнай цьмы,
3-пад запораў капіталу
Ўсіх такіх жа, як і мы.
Узніміся, Сцяг Чырвоны! і г.д.
 
У ваякаў непабедных
Дух адважнага байца,—
Давядзём свабоды справу
Да пабеднага канца.
Узніміся, Сцяг Чырвоны! і г. д.
 
На зару чырвонай волі,
Што ў мільён гарыць агнёў,
Узіраюцца з надзеяй
Пралетары ўсіх краёў.
Узніміся, Сцяг Чырвоны! і г. д.
 
Шаг у шаг, ваякі-хлопцы!
Весялей жа, малайцы!
Весялей жа, удалыя
Беларускія байцы!
 
Узніміся, Сцяг Чырвоны!
І ты, зорка, чырваней!
Пралетарская пяхота
Не ўстыдзіць сабой людзей!
 
 
[1920-1925]

Іншыя творы: Янка Купала