Заклятая кветка

Янка Купала

Чуць толькі Купальскае свята
Набліжыцца з ночкай сваей,
Як папараць-кветкай заклятай
Чаруе няшчасных людзей...
 
З надзеяй, і верай, і сілай
Зусюль, куды б дзе ні зірнуць,
Праз высі, даліны, магілы
Па кветку бягуць і бягуць!
 
...Сава пяе песню разлукі,
Лапоча крыламі кажан,—
Мільённыя цягнуцца рукі,
Дзе дрэмле купальскі курган.
 
Тых радасцю вочы смяюцца,
Тым зрэнкі крывёй заліло;
Піхаюцца, корчацца, б’юцца,
Мяшаецца праўда і зло.
 
Пачнуцца галінкі хіліцца,
Шасцяць верасы пад нагой.
Туж-туж ужо кветку схапіці!
Сцікаецца гэты і той —
 
Тыц — стой!.. Глядзяць зорніцы-сведкі,
Пявун адгукнуўся ў сяле —
Ні ночкі Купальскай, ні кветкі!
Усё затаілася ў мгле...
 
Залыпалі блудныя вочы,
Мільёны уздохаў ляціць.
Сава не заціхне — рагоча,
Крыламі кажан шапаціць...
 
След костачкі сцелюць — услалі,
Здаецца, ўжо час аддыхнуць,
Надойдзе ж хай толькі Купалле,—
Мільёны па кветку бягуць!..
 
1909

Іншыя творы: Янка Купала