Ой, павей, вецер!..

Янка Купала

Толькі йшчэ ўчора, не далей,
Сярод малітваў, кляцьбы
Гэткія песні складалі,
Песні нуды і журбы:
 
Ой, павей, вецер, з Усходу,
Вестачку нам прынясі,
Як там жывецца народу,
Хто колькі зжаў, накасіў.
 
Ой, павей, вецер-саколік,
Хай там пачуюць яны,
Як мы цярпім у няволі,
Як нас катуюць паны.
 
Ой, павей, вецер, нам, мілы,
Голас ім твой хай спяе,
Як мы без часу ў магілы
Косці складаем свае.
 
Ой, павей, вецер, над гаем,
Хай прыйдуць ночкай ці днём,
Кветкамі іх прывітаем,
З ружы вянкі ім спляцём.
 
1939

Іншыя творы: Янка Купала