«Ў музеі залатую бранзалетку...»

Алесь Дудар

Ў музеі залатую бранзалетку
я бачыў за празрыстым шклом -
яе пад старажытным курганом,
пазелянеўшую, знайшлі малыя дзеці.
 
І ў тыя дні раслі на полі кветкі...
І ланцужком, сатканым з васількоў,
стары мастак прывычнаю рукой
аздобіў залатую бранзалетку.
 
Мастацкі дух ніколі не памрэ.
Не пахаваць яго пад курганамі,
не вычарпаць гадамі і вякамі.
 
Яму ў агні пякельным не згарэць.
Ён вырвецца з багны разводдзем буйных рэк
і загарыцца зноў бліскучымі агнямі.
 
1925
 
 
Каментары
 
Паводле выд.: Дудар А. Вежа. Мінск, 1984.

Іншыя творы: Алесь Дудар