З кутка жаданняў

Янка Купала

З цэлым народам гутарку весці,
Сэрца мільёнаў падслухаць біцця —
Гэткай шукаю цэлы век чэсці,
Гэта адно мне падпорай жыцця.
 
Песню стварыці ясну, як неба,
Ў кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём
Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба,
Гэткім я толькі жыву пачуццём.
 
Што не загубяць крыўды жывую
Душу народа, што ўстане са сну,—
Гэткай надзеяй толькі жыву я,
Гэткую толькі чакаю вясну.
 
К яснаму сонцу з цьмы, з беспрасвецця,
К славе з бясслаўя ўсім нашым людзям —
Гэткай шукаю сцежкі на свеце,
Гэткаму богу і душу аддам.
 
За лепшу долю роднага краю,
За сваіх браццяў ў святой барацьбе —
Гэтакай толькі смерці жадаю,
Памяткі гэткай чакаю сабе.
 
1912

Іншыя творы: Янка Купала