Лён

Янка Купала

Як на поле, на зямлю
Прыйшла раніца вясны,
Я пасеяла ў раллю
Жмені зёран ільняных.
 
Неба сеяла цяпло,
Цёплы дожджык церушыў,
Ў думках радасна было,
Беглі песні ад душы.
 
Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!
 
Як расці стаў, як падрос,
Як лісткі ўзняў дагары,—
Лён палола з ранніх рос
Да вячэрняе зары.
 
Сэрца ныла, бы з нуды,
Бы сама была не ўся,—
Спадабала я тады
Брыгадзіра Міхася.
 
Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!
 
Як адцвіў ды як надзеў
Лён галоўкі на сябе,
Быў не горш, як у людзей,
Мела шчасце я ў сяўбе.
 
Рваць ішла яго ў снапы,
Пела песні аб вясне,
Брыгадзір лічыў капы,
Час ад часу моргаў мне.
 
Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!
 
Як ішла лён абіваць,
Пад нагамі цёрся жвір;
Нібы семя арфаваць,—
За мной следам брыгадзір.
 
А мой пранік лясь ды лясь
Па гліняным па таку,
Падышоў бліжэй Міхась,
Мне паклаў на стан руку.
 
 
Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!
 
А як слала я лянок
На зялёным на лугу,
Дзе папаўся Міхасёк,
Цалавала на бягу.
 
Сэрцу лёганька было,
Цэлы свет — вясёлы рай,
Хоць і восень, а святло
Так і льецца цераз край.
 
Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!
 
Змяла ў мяльніцы я лён,
Адтрапала лён траплом,—
Засвяціў, як цудны сон,
Лён шаўковым валакном.
 
Промень ясны загуляў
Па страсе і па сцяне...
Хату новую стаўляў
Брыгадзір мой для мяне.
 
Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!
1935

Іншыя творы: Янка Купала