Габруся ў жаўнерку ўзялі...

Янка Купала

Габруся ў жаўнерку ўзялі,
Ад дамоўства адарвалі.
Зажурыўся стары татка,
Стогне, плача цяжка матка,
Ой, Габруська! Ой, Габруська!
 
Не журбуйце, тата, маці!
Я ўсядзець не мог у хаце,
Сам пайшоў па добрай волі,
Паспытаць ваеннай долі,
Не журбуйце, не журбуйце!
 
Сваякі ўсе і суседзі —
Ніхто дома з іх не ўседзеў,
Выйшлі ўсе з аднэю радай —
Бараніцца ад нападу,
Бараніцца, бараніцца!
 
Мучыць вораг нас заўзяты:
Папаліў нам нашы хаты,
Патаптаў нам наша поле,
Пакараў людцоў няволяй...
Мучыць вораг, мучыць вораг!
 
І мы ў шапку спаць не будзем,
І пакажам свету, людзям,
Як баронім межы родны
Ад напасці ад нягоднай.
Як баронім, як баронім!
 
Не журбуйце ж, тата, маці!
Буду вас яшчэ вітаці,
Як з вайны здароў вярнуся
І вам нізка пакланюся...
Не журбуйце, не журбуйце!
 
А як згіну, то зязюля
Прыляціць да вас адтуля
І ля вокнаў, ля хаціны
Закукуе, што я згінуў.
Закукуе, закукуе!
1919

Іншыя творы: Янка Купала