Сірочая доля

Янка Купала

Цяжка сірацінцы
Адзінокай жыць;
Доля-весялуха
Знікуль не бяжыць.
 
За хатай і ў хаце
Цярпіць сірата:
То мароз марозе,
То золіць слата.
 
Бачаць маці, бацька
Роднае дзіцё;
Ўбогую сіротку
Хто ж убача, хто?
 
Ад брамы да брамы
Йдзе, збірае хлеб,
Ручачку працягне,—
Кожны глух і слеп.
 
Кожны насмяецца
Над беднаю ей,
Са зрэбнай кашулі,
З лазовых лапцей.
 
Ой, цярпіш, сіротка,
Ўсё жыццё цярпіш;
Пойдзеш у магілку,—
Хто ж паставе крыж
 
Хто, як ляжаш спаці
Навекі ў зямлю,
Пацеры згавора
За душу тваю?
 
Хіба гэты вецер,
Што ў платах пяе,
Хіба з дажджом хмарка
Слязу праліе.
 
Хіба ночкай зоркі,
Што ў небе гараць,
Па сіротцы ўбогай
Будуць бедаваць.
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала