Я — калгасніца...

Янка Купала

Я — калгасніца
Маладая,
Жыву весела,
Ані дбаю.
 
Мае дзетачкі
Позна-рана
І накормлены,
І прыбраны.
 
Сваю Настачку —
Дзіцё тое —
Нясу ў яслі я
Раніцою.
 
А Данілачка
Важным хлопцам
Рады бегае
На пляцоўцы.
 
А як выйду я —
Іхня маці —
Ды калгаснае
Жыта жаці,—
 
Густа сцелюцца
Ўслед снапочкі.
Пяю песенькі
Аж да ночкі.
 
Супакойна я
Ўжо за дзетак,
Сваіх родненькіх
Малалетак.
 
Я — калгасніца
Маладая,
Жыву весела,
Ані дбаю.
 
1934

Іншыя творы: Янка Купала