Сыходзіш, вёска, з яснай явы...

Янка Купала

Як сон маркотны, нежаданы,
Сыходзіш, вёска, з яснай явы,
А твой народ вернападданы
Імкнецца, скінуўшы кайданы,
Да новай долі, новай славы.
 
У поле выйдуць твае людзі
З інакшым складам і прыладай:
У грамадзе сяўба іх будзе,
Смактаць не будзе вызыск грудзі,
Адна верх возьме думка-рада.
 
З жабрацкай торбай твой патомак
Не пойдзе па сібірным шляху
Шукаць прытулку, як бяздомак:
Жудкі гісторыі абломак
Пад сказ дзён бурных згібне прахам.
 
Гарбы тваіх нямых курганаў,
Дзе спяць нявольнікі і князі,
Парэжа сталь, як нож баранаў,
І спражыць полымя буянаў,
Каб цвет зацвіў на гразкай гразі.
 
Дзе за пасёлкам лёг пасёлак,
Гіганты ўзнімуць сцяг бунтарны,
І ў блісках квецістых вясёлак,
Дым гасячы лучын і смолак,
Зайскрыць электрыка ўладарна.
 
Тваіх жалеек спеў гаротны
Патопча трактарнае кола,
А сейбіт твой, дасюль самотны,
Абцёршы сонцам воблік потны,
Пад крыж не пойдзе енчыць квола.
 
Твае трухлявыя калёсы
Аўто бензінаю спапеліць,
А твой касец проставалосы
Мазольныя паломіць косы,
Гнуць плеч не будзе ля аселіц.
 
Твая дзяўчына пры кудзелі
Сляпіць не будзе ясных вочак:
З жалеза прасніца надзеліць
Сукном і шоўкавым кужэлем
Сваіх сялян, сваіх рабочых.
 
Твае сівыя забабоны
Усмерціць радыёвы гоман,
І ў тон зайграюць зорнатонны,
Забыўшы крыўды і прытоны,
Адвечны бор, адвечны Нёман.
 
Лясун з русалкаю пакіне
Палохаць сонныя сялібы,
І вадзянік загіне ў ціне,
Спадзе з хацінаў павуцінне,
Заскача сонца ў срэбных шыбах.
 
Над вежамі тваіх бажніцаў
Фабрычны комін возьме ўладу,
А звон збянтэжаных званіцаў
Гудка жывучая крыніца
Заглушыць гулкім гудам-ладам.
 
І будуць ладзіцца год кожны
На новы лад, на новы звычай
Дзяды Кастрычнікавы збожна,
А кожны год больш пераможна
Для свята волі бунтаўнічай.
 
Так сыйдзеш, вёска, з яснай явы,
Як сон маркотны, нежаданы,
Бо твой народ вернападданы
Ідзе ўжо, скінуўшы кайданы,
Да лепшай долі, лепшай славы.
 
1929

Іншыя творы: Янка Купала