Рвіся, думка!..

Янка Купала

Покі старасць неўдалая
Костак з ног не вале,
Рвіся, думка маладая,
Туды, вышай, далей!
 
К таей праўдзе ненапраснай,
К шчасцю і свабодзе;
Рвіся, покі будзе ясна,
Покі будзе годзе!
 
Гарапашна, непрасветна
І ў душы, і ў хаце,
Стане горай непрыветна,
Калі будзем спаці.
 
Дык жывуча, скокам-бокам,
Покі сэрца точыш,
Рвіся, думка, ненарокам,—
Знойдзеш, чаго хочаш!
 
Рвіся! рвіся! дый старайся
Нуду адалеці,
Заглушыцца не давайся
Ні за што на свеце.
 
[1906-1912]

Іншыя творы: Янка Купала