Над Свіслачай

Янка Купала

Плаўна Свіслач-рэчка
Ўдаль плыве, бяжыць;
Над крутым абрывам
Панскі дом стаіць.
 
Зелянеюць вольхі
Па краях ракі,
Высяцца над імі
Сумна Карзюкі.
 
Відзен горад здаля,
Горад Мінск стары,
Пнуцца важна к небу
Коміны, муры.
 
Гулка далятае
Дзікі свіст машын
Ды прыпеўкі жабаў
З рэчкі і лагчын.
 
Між прысад гасцінцам,
Між палёў сялян
Едзе, пераходзе
То мужык, то пан.
 
Ўсю ж гэту мясціну
Неба абняло,
Залацістым сонцам
Хараство ўпляло.
 
Рэчка, луг, гасцінец,
Горад, Карзюкі
Разрываюць думкі
На усе бакі.
 
Сам сабой не знаеш,
Што рабіць, як жыць:
Ці ляцець у горад,
Ці ў Карзюках сніць?
 
Ці пайсці гасцінцам
Долі ў свет шукаць?
Ці рацэ, русалкам
Галаву аддаць?..
 
[1911-1912]

Іншыя творы: Янка Купала