Акоў паломаных жандар...

Янка Купала

Акоў паломаных жандар,
Сліўнём зарыўшыся ў нару,
Сядзіць расійскі чынадрал,
«Слуга оцечаству, цару».
 
Ён сніць былую моц і шыр:
Цары, царыцы, цэрквы, трон,
Пагромы, катаргі, Сібір...
О Русь! Прымі раба паклон!
 
Табе такой служыць па гроб
Не кіну я, і расцярзаць
Не дам дзяржаўнасці «оплот»,
Цябе, «единую», о маць!
 
Здарма ж двуглавы твой арол
Праз векі ў кіпцюрох трымаў
Мільёны ўбогіх хат і сёл,
Рабоў мільёны?.. Не, здарма!
 
У твой ланцуг былі, о Русь,
Уплецены з усіх бакоў
Украйна, Польшча, Беларусь
І сотня іншых «языкоў».
 
Цяпер што бачу я кругом?
Пасад маўклівы збуран скрозь...
Рэспублікі?! ды з «языком»
З іх лезе кожная ўсур’ёз.
 
А ты, о рускі мой «язык»!
Мой «обшчарускі», што з табой?
Табе слухмян быў мал, вялік,
Быў славен ты сваёй кляцьбой.
 
Табой сам самадзержац цар
Пісаў ланцужны свой закон,
Што маці-Русь есі жандар
Усёй Еўропы!..
І свой сон
 
Сніць далей гэты царадвор,
Калі надыдзе яму дзень,
Ізноў пад лёзгат царскіх шпор
Свой распасцерці чорны цень.
 
Ён, гэты скінуты сатрап,
Не знае, што ў свабодзе жыць;
Яму дай вісельню, дый каб
На ёй «языкі» ўсе ўшчаміць.
 
Не па нутру, як смерць, яму,
Што беларускае дзіцё
Бяжыць у сцюжную зіму
У школку пазнаваць жыццё.
 
Спужаўся, што хлапчук ў лапцёх,
Напаўадзеты вёскі сын,
У роднай мове ўчыцца змог?..
О, стыдна, рускі «гражданин»!
 
Язык твой царскі ён табе
Не выража, спакойны будзь!
Цябе тваім жа у кляцьбе
Ён не забудзе памянуць.
 
Былых не выклічаш вякоў
І ты, Масквы кароннай гразь,
Парваных не скуеш акоў,
З якой брахнёю ні вылазь!
 
1926

Іншыя творы: Янка Купала