Хаўруснікам

Янка Купала

“Gazeta Codzienna”
І «Виленский вестник»
Сабраліся хэўрай,
Як свінні на сметнік.
 
І ну ж гаманіці,
Ўхмыляцца пад вусам,
Як лепш атуманіць
Мазгі беларусам.
 
“Gazeta” бармоча:
«Нех бэндзе ён ляхам»,
А «Вестник» — «Пусть лучше
Московским прёт шляхом».
 
Спрачаліся доўга,
Як край наш раскрасці,
Дый спеліся ўрэшце:
Парваць на дзве часці.
 
Адна часць Варшаве
Лізаць ногі будзе,
Маскве хай другая
Нясе свае грудзі.
 
Забыліся толькі,
Хаўруснікі ночы,
Спытаць беларуса,
Чым сам ён быць хоча
 
Па-мойму ж не варта,
Панкі, так лезць з жылаў
Як свінням — не глянуць
Вам дальш свайго рыла.
 
1913

Іншыя творы: Янка Купала